Юный мститель В.Красинский

Вайна, быццам вострым нажом, бязлітасна прайшлася па роднай Беларусі і надоўга пакінула на      ёй глыбокія, незагойныя раны. Яна па-свойму і хутка падзяліла жыхароў на сваіх і чужынцаў. Праўда, апошнія таксама былі свае: па крыві, нацыянальнасці, месцы пражывання. Толькі погляды на ворага іншыя. Пераважная большасць суайчыннікаў, не вагаючыся, адразу прыняла на сябе небяспечную ношу змагара-абаронца і пранесла яе праз усе нягоды і выпрабаванні, цаной вялікага напружання фізічных і духоўных сіл, нарэшце, уласнага жыцця, але дастойна, з гонарам і да пераможнага канца.

            А былі іншага складу характару і настрою людзі, адзінкі, якія адразу скарыліся ворагу і бессаромна перлі на сабе неймаверны цяжар здрадніцтва, нягледзячы на вочы родных, блізкіх, знаёмы, суседзяў, аднавяскоўцаў, якія поўніліся адчаем, асуджэннем і нават праклёнам.

            Віктар Красінскі быў з ліку сапраўдных патрыётаў, не зважаючы на свой юнацкі ўзрост – у пачатку вайны яму споўнілася толькі пятнаццаць. У 1941-м ён ледзь паспеў скончыць сем класаў Усайскай сярэдняй школы.

У сярэдзіне 1942 года разгарнуўся рух народных мсціўцаў. Аднойчы на міне, закладзенай партызанамі на дарозе непадалёку ад вёскі Усая, падарвалася нямецкая аўтамашына. Каля 40 чалавек загінулі. У адказ вораг расстраляў усіх яе жыхароў. Толькі некалькім параненым удалося выбрацца з-пад груды мёртвых цел. А суседзяў з Залужэння (радзімы Віктара) прымусілі ісці па гэтай дарозе, перад тым як адкрыць шлях тэхніцы. Адбыўся выбух. Немец, што крочыў па абочыне, узляцеў уверх. Параніла і некалькі мірных жыхароў. Разам з аднавяскоўцамі ў ролі падвопытнага ішоў і Віктар Красінскі.

Пасля гэтага выпадку ён і сямёра аднагодкаў са зброяй у руках адправіліся да партызанаў. Не ўзялі з-за ўзросту. Але далі заданне сачыць за перамяшчэннямі ў ульскім гарнізоне. Калі што, то на каня і папярэджаннем да партызанаў.

Толькі на наступны год Віктара і яго сяброў залічылі ў атрад імя Фрунзе партызанскай брыгады імя Леніна. Ён стаў разведчыкам. Для юнака пачаліся суровыя экзамены – амаль штодзень паходы ў тыл ворага, збор даных, дыверсіі на дарогах, чыгунцы. Праўда, як паказаў час, Віктар з імі справіўся паспяхова і змагаўся, не шкадуючы жыцця, праліваючы на родную зямельку сваю гарачую кроў. Шмат яе страціў за ваеннае ліхалецце.

…У студзені 1944 года паступіў загад камандавання вызначыць рэзервы гітлераўцаў у Уле, іх далейшыя дзеянні, замініраваць шашу паблізу Фролкавіч. Разведчыкі адправіліся невялікімі групамі, па два-тры чалавекі. Віктар на заданне пайшоў з Пашкоўскім. Яны доўга не вярталіся. Мінула ноч. І толькі раніцай на пярэднім краі праціўніка разгарнулася моцная страляніна, і неўзабаве ў нашу траншэю зваліўся цяжка паранены Віктар Красінскі. Яго тут жа панеслі на насілкі у санчасць, дзе ўрач Уладзімір Сілівестраў зрабіў яму перавязку.

-- Спачатку нам спадарожнічала ўдача, -- расказвае Віктар Іванавіч. – І пад Улай, і калі мініравалі шашу. Назад жа вярталіся з цяжкасцямі, раз-пораз натыкаліся на варожую засаду. Але шанцавала. Лічы, ужо ў сваіх акружылі немцы. У перастрэлцы параніла ў грудзі Пашкоўскага. Спрабаваў цягнуць яго на сабе, але і сам быў цяжка паранен у ногі. Ведаў, што побач лінія абароны. Папоўз за дапамогай. На рукі партызанаў зваліўся ў непрытомнасць, але заданне было выканана.

Лячыўся доўга. Поўнасцю залячыць раны не ўдалося – пачалася блакады. Балотам выходзілі з акружэння, а гэта кіламетраў пад пяцьдзесят. 4 ліпеня аб’ядналіся з часцямі Чырвонай Арміі ў Шаркаўшчынскім раёне. Гэта былі воіны 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі. Тут і застаўся малады партызан. Спачатку лячыўся ў шпіталі, потым быў курсантам 2-га вучэбнага батальёна, камандзірам разліку станковага кулямёта, аддзялення.

А баі працягваліся. Шчодра паліў крывёю Красінскі не толькі беларускую зямлю. У Прыбалтыцы таксама хапіла. 16 кастрычніка 1944 года яго зноў параніла, на гэты раз у грудную клетку. У сярэдзіне снежня толькі вярнуўся ў свій полк, а ўжо 30 студзеня 1945-га атрымаў скразное кулявое раненне, 23 лютага яго кантузіла.

Але выжыў адважны баец, вярнуўся ў строй і быў накіраваны на разгром Квантунскай арміі. Праўда, за Свярдлоўскам яго дагнаў загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аб дэмабілізацыі. Ён меў права, паколькі быў тры разы паранены і кантужан. І гэта ў дзевятнаццаць гадоў!

На мірным фронце таксама не шкадаваў сябе Віктар Красінскі. Працаваў у калгасе, лесніком на радзіме, там сустрэў сваю будучую жонку Фаіну Васільеўну. У 1963 годзе пераехалі ў Бешанковічы. Зноў падаўся ў лясніцтва, апошнія дзесяць гадоў працаваў у пажарнай часці райцэнтра.

З баявых узнагарод у яго толькі медаль “За адвагу”. Каб не раненні ды шпіталі, іх у гэтага чалавека магло быць значна больш, нават самай высокай вартасці. Але мужны партызан і франтавік быў удастоен куды большага – жыцця. Ён застаўся ў жывых, хаця, як сам гаварыў, ніколі пра гэта не думаў, паколькі кожны бой, кожная аперацыя магла каштаваць яму галоўнага.

Не думайце пра ўзнагароды, Віктар Іванавіч. Не ў іх, нарэшце, шчасце, адзнака адвагі і гераізму. Вы чэсна ваявалі, таму вам наш нізкі паклон. Гэта лепшая з усіх узнагарода.