Художник И.Т.Бобоедов

Іван Цімафеевіч Бабаедаў належыць да мастакоў Беларусі, якія пачыналі свой творчы шлях пасля Вялікай Айчыннай вайны і вучыліся на лепшых традыцыях рускага рэалістычнага жывапісу. Яго творы кранаюць гледача цеплынёй, любоўю да свайго роднага краю. Ён не хапаў зорак з неба, проста добрасумленна, як загадвае сэрца, рабіў і робіць сваю любімую працу. Яго пейзажы нешматслоўныя, някідкія, але затое якія праўдзівыя і даходлівыя, у іх чуюцца адгалоскі мастакоў-перасоўнікаў, і асабліва такіх яго прадстаўнікоў, як В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі, І.Левітан.

Дзяцінства будучага мастака ў асноўным праходзіла ў роднай вёсцы  Бабаедава, у Алейніках, што над Заходняй Дзвіной, дзе жыла яго бабуля. Хлопчык вельмі палюбіў лясы, палі, раку Прыдзвіння, пейзажы, на якія так багата бешанковіцкая зямля. Гэтыя першыя ўражанні засталіся ў яго на ўсё жыццё, вызначылі творчы лёс. Мэта стаць майстром у Івана Бабаедава з’явілася яшчэ да вайны, калі вучыўся ў Чаўнышанскай сямігодцы. Атрымаўшы атэстат аб яе заканчэнні, юнак вырашае паступаць у Віцебскае мастацкае вучылішча, але праз тыдзень настала вайна, а потым тэрыторыя раёна была поўнасцю акупіравана фашыстамі.

14-гадовы Іван дапамагаў бацькам займацца сельскай гаспадаркай і ўвесь час хаваўся ад угону на катаржныя работы ў Германію. Чорныя дні акупацыі цягнуліся марудна. Нарэшце наступіў доўгачаканы дзень вызвалення. Разам з бацькам ён прыйшоў на прызыўны пункт і ў 17 гадоў стаў воінам-салдатам 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая толькі што вызвалілі райцэнтр ад ворага. У складзе гэтай дывізіі яму давялося вызваляць Полацк, Зарасай, Даўгаўпілс, іншыя гарады Прыбалтыкі. У баях з фашыстамі Іван Бабаедаў быў тройчы паранены, у апошні раз цяжка. Адбылося гэта пры вызваленні латвійскага горада Ліепая.

У чэрвені 1945 года пасля працяглага лячэння ў г.Горкі Іван Бабаедаў, воін-фрнтавік, кавалер двух баявых ордэнаў і медаля “За адвагу”, вяртаецца дадому.

Нішто не перашкодзіла маладому, але загартаванаму ў баях чалавеку, ажыццявіць сваю мару – стаць мастаком. У Беларусі тады было ўсё разбурана. Іван Бабаедаў едзе ў Крым і паступае ў Сімферопальскае мастацкае вучылішча імя Н.С.Самокіша, вядомага мастака-баталіста, аўтара карціны “Бітва пры Астроўне” (Бешанковіцкі раён), прысвечаную Айчыннай вайне 1812 года. Скончыўшы тры курсы, ён пераязджае ў Мінск, дзе ўжо было адкрыта мастацкае вучылішча, і трапляе ў групу вядомага беларускага мастака-пейзажыста В.К.Цвірко, удзельнічае ў рэспубліканскіх выстаўках з пейзажамі “Сакавік у вёсцы”, “Вясна на ўскраінах Мінска” і атрымлівае добрыя водгукі народнага мастака БССР Е.А.Зайцава, які сказаў: “Гэты студэнт мае ўсе дадзеныя стаць сапраўдным мастаком!” Такая ацэнка масцітага майстра яшчэ больш натхніла маладога пейзажыста і пераканала ў правільнасці выбранага шляху. У 1952 годзе Іван Бабаедаў закончыў вучобу абаронай дыпломнай работы “Пераправа  савецкіх войск праз Заходнюю Дзвіну ў раёне Бешанковіч. 1944 г.”, якая атрымала выдатную адзнаку і была пакінута ў мастацкім фондзе вучылішча, а потым неаднаразова экспанавалася на рэспубліканскіх выстаўках.

Пасля заканчэння вучылішча І.Ц.Бабаедаў накіроўваецца на работу ў мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча г.Віцебска выкладчыкам малюнка і жывапісу. Тут  ярка раскрылася яго мастацкае і педагагічнае дараванне, прынесла аўтарытэт сярод студэнтаў.

Многія з іх сталі вядомымі мастакамі, настаўнікамі: беларускі графік Н.Ганчароў, архітэктар В.Путроў, метадыст В.Смунёў, рэктар Віцебскага педінстытута імя Кірава В.Н.Вінаградаў і іншыя.

Пастаяннае імкненне да творчасці, жаданне быць побач з прыродай прымусілі пакінуць горад і паехаць у родныя мясціны, дзе ў яго адкрылася другое дыханне. Ён шмат малюе: палеткі, старыя лясы на берагах Дзвіны, ціхія вечары пры заходзе сонца, чыстае паветра. Плённую творчую работу мастак умела спалучае з выкладніцкай дзейнасцю ў мясцовых школах, дзе церпяліва прывівае дзецям любоў да творчасці, вучыць іх бачыць унутраную сутнасць рэчаў, шукаць вечную ісціну жыцця. Аб выніках гэтай работы гаворыць той факт, што многія яго вучні закончылі мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута і цяпер паспяхова працуюць у тэхнікумах і школах рэспублікі.

У пачатку 50-х гадоў, да працы ў школе, Івану Бабаедаву прыходзілася мець справу з рэстаўрацыяй іканастасаў у мясцовым Свята-Ільінскім саборы: аднаўляць распяцце Хрыста, св.Божай Маці, св.Ільі-прарока, апосталаў Пятра і Паўла, нанова напісаць абразы Мікалая Цудатворца, Ефрасінні Полацкай, Аляксандра Неўскага, Георгія Пабеданосца, што дало мастаку вельмі шмат у спазнанні сакрэтаў старога жывапісу, значна ўзбагаціла яго творчыя пошукі. Удасканальваючы сваё майстэрства, Іван Бабаедаў прыходзіць да вываду аб неабходнасці далейшай вучобы. Ён паступае ў Віцебскі педінстытут і ў 1976 годзе ўжо немаладым паспяхова  абараняе дыпломную работу на тэму: “Прыдзвінскі край” на мастацка-графічным факультэце. Пачынае актыўна і ўпэўнена выступаць на рэспубліканскіх і абласных выстаўках, падтрымлівае цесную сувязь з мастакамі Мінска, асабліва са сваім настаўнікам народным мастаком БССР В.К.Цвіркам.

І.Ц.Бабаедаў любіць і разумее класічную і народную музыку. Яна дапамагае яму больш востра адчуваць прыроду, яе дыханне. Як ён вызначыў асноўны жанр, што сыграла рашаючую ролю ў фарміраванні яго інтарэсу да пейзажа? Творы мастака даюць магчымасць прасачыць складаны шлях, які прывёў яго да лірычнага пейзажу. Паваротным пунктам у творчасці, як гаворыць ён сам, сталі работы “Сакавік у вёсцы”, “Вясковая вуліца”, “Вясна на ўскраінах Мінска”, а таксама парада яго настаўніка В.К.Цвіркі, які сказаў: “Пішы пейзажы. Гэта твая сцяжынка ў вялікае мастацтва”.

З першага знаёмства з жывапісам, яшчэ ў перыяд, калі мастак пачынаў фарміравацца як пейзажыст, беларуская прырода аказала вялікае ўздзеянне на накірунак яго творчых пошукаў. Незабыўныя берагі Заходняй Дзвіны, Свячанкі, Улы, старажытныя курганы і гарадзішчы, што раскіданы па Прыдзвінню, яго лясы, дубровы, уражанні Літвы, Крыму, а таксама багаты вопыт работы над эцюдамі, замалёўкамі архітэктурных і пейзажных матываў – усё гэта з’явілася ўнутранай падрыхтоўкай філасофскага крэда І.Бабаедава, якое вызначыла яго месца ў творчым калектыве беларускіх жывапісцаў.

З эцюднікам на плячы ён аб’ехаў і абышоў увесь раён. І маленькія жывыя эцюды, і закончаныя кампазіцыйныя работы мастака сагрэты трапяткім пачуццём любві да свайго роднага краю. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець на “Апошні снег”, “Сакавік.Лазня”, “Лютаўскі дзень”, “Пачатак зімы”, “Лясная вырубка”, “Сакавік у лесе”. Цікавая асаблівасць пейзажаў І.Ц.Бабаедава двух апошніх дзесяцігоддзяў. Калі раней можна было правесці выразную рысу паміж эцюдамі, якія насілі часцей усяго дапаможны характар, і карцінамі, то цяпер мастак, папярэдне абдумаўшы і скампанаваўшы твор, заканчвае яго за два-тры сеансы на натуры. Выкананыя з тонкім лірызмам, захоўваючы паэтычнасць і свежасць у перадачы рознага настрою прыроды, яны набываюць характар абагульненага яе вобраза. Вось чаму сярод лепшых творчых дасягненняў  самабытнага мастака можна лічыць шырока і свежа напісаныя непасрэдна на прыродзе, у яе акружэнні, работы “Вечар на Дзвіне”, “Лес.Змрок”, “Сакавіцкі вечар у лесе”, “Летні вечар. Вёска”, “Восень. Лясныя далі”. Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што І.Ц.Бабаедаў сапраўдны майстар пейзажу, які чотка шукае ў прыродзе ўласцівую яму ўнутраную логіку. Вось чаму яго карціны вызначаюцца глубокім пранікненнем у жыццё, не могуць не хваляваць гледача і заўсёды выклікаюць у адказ пачуцці. Яны кранаюць праўдзівасцю і задушэўнасцю, нясуць эмацыянальны парыў і паэтычную прыўзнятасць.