Воспоминания А.И.Берестеня

“Берасцень Акім Іванавіч (1877, Бешанковічы Віцебскай губ. – г.см.невядомы), рэвалюцыянер, бальшавік. Член партыі з 1898 года”. (Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, т. 2, стар. 300).

Яшчэ ў юнацкія гады Акім Берасцень прыняў удзел у рэвалюцыйным руху, які прывёў яго ў рады бальшавіцкай партыі. Першае даручэнне маладому бальшавіку было не з лёгкіх – сярод рабочых Бранскага вагонабудаўнічага завода трэба было арганізаваць сацыял-дэмакратычны гурток. З ім наш земляк справіўся выдатна.

Потым былі іншыя даручэнні. Ураджэнец прыдзвінскага краю вёў рэвалюцыйную работу сярод працоўных Харкава, Віцебска, у некаторых іншых гарадах. І ўсюды ён зарэкамендаваў сябе смелым, ініцыятыўным, настойлівым у дасягненні пастаўленай мэты. Менавіта такім запомнілі Акіма Іванавіча таварышы па падпольнай рабоце, партыйнай барацьбе.

І не толькі яны. Акіма Берасценя (падпольная клічка “Кімка”) ведалі і царскія агенты. Таму працаваць даводзілася вельмі асцярожна, у поўнай канспірацыі. Але не толькі грамату падпольнай барацьбы вывучыў наш зямляк. Ён сам вучыўся стратэгіі і тактыцы рэвалюцыйнай дзейнасці, вучыў гэтаму таварышаў.

Каб пазбегнуць праследаванняў паліцыі, Акім Берасцень вымушаны быў часта мяняць месца жыхарства, працы. Аднак ні на дзень не спынялася рэвалюцыйная дзейнасць рабочага хлопца з Прыдзвіння. Усюды, куды пасылала яго партыя, Акім Іванавіч умела арганізоўваў і накіроўваў рэвалюцыйны рух, ствараў гурткі аднадумцаў, якія неслі ў масы ідэі ленінскай партыі.

Агенты ахранкі, нарэшце, высачылі бальшавікі. І вось першы арышт у 1907 годзе. Праз два гады – другі. У 1910 годзе яго арыштавалі ў трэці раз. Аднак, як і раней, прамых доказаў супраць Акіма Берасценя паліцыі сабраць не ўдалося, і ён зноў аказаўся на свабодзе. У 1910 годзе па загаду партыі А.І.Берасцень пакінуў Расію і да 1914 года знаходзіўся ў эміграцыі.

Вярнуўшыся на радзіму, Акім Берасцень некаторы час працуе ў чыгуначных майстэрнях Рыгі. У гады першай сусветнай вайны быў прызваны ў армію.

У канцы красавіка 1917 года А.І.Берасцень прыбыў у Віцебск. Тут ён прымае ўдзел у стварэнні гарадской бальшавіцкай арганізацыі. 2 ліпеня 1917 года адбыўся агульны сход віцебскіх бальшавікоў, які абраў партыйны камітэт з 9 членаў і 4 кандыдатаў. Членам камітэта выбраны і Акім Берасцень. Неўзабаве віцебскія бальшавікі вылучаюць яго дэлегатам на VI з’езд РСДРП.

Пасля вяртання дамоў Акім Берасцень растлумачваў салдатам і працоўным Віцебска палітыку партыі, якую выпрацаваў з’езд. Разам з іншымі партыйцамі ён унёс значны ўклад у перамогу бальшавікоў-ленінцаў у абвостранай на Віцебшчыне палітычнай барацьбе. Акім Іванавіч Берасцень арганізаваў бальшавіцкі калектыў сярод чыгуначнікаў мясцовага вузла. Пазней віцебскія чыгуначнікі вызначыліся ў аказанні дапамогі рэвалюцыйнаму Петраграду.

Бальшавіцкі камітэт віцебскага чыгуначнага вузла ў першыя дні Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі арганізоўваў чырвонагвардзейскія атрады, якія раззбройвалі воінскія эшалоны з урадавымі войскамі.

Пасля перамогі Вялікага Кастрычніка А.І.Берасцень некаторы час жыў у Мінску, выбіраўся членам Мінскага Савета, старшынёй Мінскага чыгуначнага рэвалюцыйнага суда, узначальваў ячэйку РКП(б) чыгуначнікаў Мінска. У пачатку дваццатых гадоў Акім Іванавіч вярнуўся ў Віцебск і працаваў на чыгунцы.

На любым участку рэвалюцыйнай барацьбы, мірнай стваральнай працы наш зямляк актыўна змагаўся за ажыццяўленне ідэй планаў Камуністычнай партыі, з гонарам выконваў яе шматлікія даручэнні.

Жыве на Прыдзвінні памяць пра нашага знакамітага земляка. Імя Акіма Берасценя носіць адна з вуліц Віцебска.

Зусім нядаўна пры дапамозе даследчыка кандыдата гістарычных навук Э.Карніловіча ўдалося ўстанавіць, калі памёр палымяны бальшавік, паколькі БСЭ адказу на гэта пытанне не дае. Перастала біцца сэрца нашага земляка ў 1926 годзе.