Освождение г.п.Бешенковичи

Шчаслівым сённяшнім днём, магчымасцю ажыццяўляць мары абавязаны мы тым, хто цаной жыцця наблізіў Перамогу. Помніць аб героях Вялікай Айчыннай народ, свята шануе іх памяць. Гэта гераічныя старонкі мінулага. Гэта нашы боль і гонар.

Для жыхароў Бешанковіцкага раёна асабліва дарагія чэрвеньскія дні 1944 года – дні вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопніках.

…Раніцай 23 чэрвеня 1944 года па ўсёй лініі Першага Прыбалтыйскага, Другога і Трэцяга Беларускіх франтоў неба перарэзалі вогненныя трасы гвардзейскіх мінамётаў. Цішыню ўзарвалі залпы тысяч гармат. Пачалася адна з найбольш бліскучых стратэгічных наступальных аперацый Вялікай Айчыннай вайны – Беларуская, якая атрымала кодавую назву “Баграціён”. Па смеласці задумы, асаблівасці падрыхтоўкі, колькасці сіл з абодвух бакоў і ваенна-палітычных выніках яна з’явілася  буйнейшым ударам па ворагу, які прадвызначыў яго канчатковы разгром.

У першы ж дзень баёў нашы войскі пачалі паспяховае наступленне на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках. Назаўтра перайшлі ў наступленне часці Першага Беларускага фронта. Гіганцкая бітва з ворагам разгарнулася на тэрыторыі ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці. Наземныя злучэнні падтрымлівалі Дняпроўская ваенная флатылія, часці авіяцыі і войск проціпаветранай абароны краіны. Характэрнай асаблівасцю Беларускай наступальнай аперацыі было тое, што яна ажыццяўлялася ў цесным узаемадзеянні з мясцовымі партызанамі. У звароце ЦК Кампартыі Беларусі да наступаючых войск гаварылася: “…Ідзіце бясстрашна наперад. Вам акажуць падтрымку нашы гарады і вёскі з тылу ў разгроме немцаў. Наш народ сустрэне вас як вызваліцеляў”.

У адпаведнасці з загадзя распрацаванымі планамі ў ноч на 20 чэрвеня 1944 года злучэнні беларускіх партызан правялі трэці этап “рэйкавай вайны” і масавыя дыверсіі ў тыле ворага. За чатыры дні яны амаль поўнасцю паралізавалі рух на важнейшых чыгуначных магістралях. Былі блакіраваны многія ўчасткі шашэйных і грунтавых дарог, знішчалася сувязь, наносіліся ўдары па варожых гарнізонах.

Войскі Першага Прыбалтыйскага фронта, якім прадстаяла наступаць на бешанковіцкім напрамку, атрымалі задачу ва ўзаемадзеянні з войскамі Трэцяга Беларускага фронта разграміць віцебска-лепельскую групоўку праціўніка, фарсіраваць Заходнюю Дзвіну і выйсці ў раён Лепель-Чашнікі. Для гэтага дзве арміі павінны былі прарваць абарону ворага на паўднёвы захад ад  Гарадка і авалодаць раёнам Бешанковічы. Частцы фронта належала сумесна з правафланговай арміяй Трэцяга Беларускага фронта разграміць віцебскую групоўку праціўніка, заняць горад Віцебск.

Паўночная ўдарная група атрымала задачу прарваць абарону праціўніка на 18-кіламетровым участку на паўднёвы ўсход ад Віцебска. Напярэдадні агульнага наступлення была праведзена разведка боем сіламі перадавых батальёнаў з мэтай удакладніць даныя аб стане абароны праціўніка і групоўцы яго войск. Яна пачалася раніцай 22 чэрвеня. Пасля 25-мінутнай артылерыйскай падрыхтоўкі атрады ўварваліся ў траншэі ворага і сталі прасоўвацца ўперад.

Да канца дня 23 чэрвеня прарыў дасягнуў 16 кіламетраў у глыбіню і 50 кіламетраў па фронту. На працягу 24 чэрвеня войскі фронта расшырылі прарыў да 30 кіламетраў у глыбіню і да 90 кіламетраў па фронту, выйшлі на 50-кіламетровым участку на правы бераг Заходняй Дзвіны.

Гітлераўцы спрабавалі стрымаць наступленне нашых дывізій. З гэтай мэтай яны перакінулі свае часці, якія вялі баі з партызанамі лепельска-ўшацкай зоны. На 24 чэрвеня гвардзейцы 19-й дывізіі выйшлі да Заходняй Дзвіны на ўчастку ад Улы да вёскі Яцукі і пачалі рыхтавацца да пераправы. Немцы арганізавалі абарону на рубяжы населеных пунктаў Шаурына, Ула, Паніззе і артылерыйскім агнём перашкодзілі пераправе нашых войск у гэтым месцы.

Але каля вёсак Буй і Узрэчча гвардзейцы паспяхова фарсіравалі Дзвіну і захапілі плацдарм на левым беразе. На плытах, паромах, лодках, якія хутка падрыхтавалі сапёры, ішла пераправа баявой тэхнікі і агнявых сродкаў. Наша артылерыя ўвесь час абстрэльвала фашыстаў, прыкрываючы пераправу.

Воіны гвардзейскага палка, якім камандаваў гвардыі падпалкоўнік Г.Шляпін, захапілі невялікі плацдарм ля вёскі Быстры. Гвардзейцы забяспечылі пераправу астатніх падраздзяленняў дывізіі. Гітлераўцы неаднаразова контратакавалі іх, але скінуць з занятага плацдарма не змаглі.

На гэтым участку вызначыўся гвардыі старшы сяржант Павел Кабанаў. Ён умела арганізаваў пераправу свайго падраздзялення. На заходнім беразе хутка адкрыў кулямётны агонь па ворагу і забяспечыў пераправу для сваіх сяброў.

Гвардыі маёр Аляксей Кісліцын камандаваў стралковым батальёнам. Яго байцы з ходу фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і завязалі бой за Бешанковічы. Вораг імкнуўся перашкодзіць савецкім воінам, не даць ім магчымасці расшырыць плацдарм на левым беразе і спыніць наступленне гвардзейцаў.  Фашысты кінулі ў бой свае тылавыя батальёны і роты, а потым і пяхотную дывізію. На рубяжы Бешанковіч і вёсак Зорнікі, Слабодка, Свяча фашысты пятнаццаць разоў хадзілі ў контратаку. Іх падтрымлівалі танкі і артылерыя. Баі ішлі жорсткія і ўпартыя.

Але нашы байцы перамаглі. 46-я гвардзейская стралковая дывізія палкоўніка К.Васільева  імкліва фарсіравала раку каля вёскі Храпавішчана і выйшла на ўскраіну райцэнтра. Потым воіны генерал-маёра І.П.Сівакова і палкоўніка К.Васільева  25 чэрвеня авалодалі гарпасёлкам Бешанковічы.

Падраздзяленні 43-й арміі вызвалілі вёску Задарожжа, дзе і сустрэліся з воінамі 19-й гвардзейскай стралковай дывізіі 39-й арміі. Воіны 179-й дывізіі перарэзалі ў некалькіх месцах шашу Бешанковічы – Віцебск. Гэтым самым была закрыта крышка віцебскага “катла”, у якім аказалася пяць дывізій 53-га нямецкага корпуса з 35 тысячамі салдат і афіцэраў. Сярод іх была дывізія, салдаты якой зімой 1941 года жорстка катавалі Зою Касмадзем’янскую і павесілі яе.

Неўзабаве была вызвалена вёска Астроўна – вельмі важны вузел на шашы Віцебск – Бешанковічы.

Савецкія воіны гераічна змагаліся з фашысцкімі  захопнікамі, якія шалёна рваліся з акружэння. Раніцай 26 чэрвеня 1944 года быў вызвален ад фашысцкіх акупантаў Віцебск.

Акружаныя нямецкія часці пад Віцебскам былі падзелены на тры групы, якія ўвесь час імкнуліся вырвацца з “катла”. Некаторым з іх удалося пранікнуць у лясныя масівы, але тут савецкія палкі блакіравалі гэтыя лясы. 26 чэрвеня калона ворага вырвалася з акружэння і накіравалася на Бешанковічы. Але яна хутка была перахоплена воінамі 179-й стралковай дывізіі палкоўніка М.М.Шкурына і 33-й зенітнай дывізіяй палкоўніка У.А.Гацько.

На зямлі Бешанковіцкага раёна зноў пачаўся бой, які закончыўся поўным разгромам гітлераўцаў. У гэты ж дзень другая група ворагаў колькасцю да 5 тысяч гітлераўцаў імкнулася вырвацца з акружэння ў напрамку вёсак Рудакоўская, Лугавыя і Байбароды. Нямецкіх пехацінцаў падтрымлівалі самаходныя гарматы. У напрамку вёскі Камары дзейнічала група ворагаў каля трох тысяч чалавек. Адначасова ля вёскі Крупеніна вяла бой група гітлераўцаў колькасцю да 800 чалавек. З раёна вёсак Сініцы – Кудзяны каля палка пяхоты з танкамі і самаходнымі гарматамі наступала ў напрамку вёскі Святагорава.

27 чэрвеня 1944 года ў 9 гадзін раніцы пачаўся бой за канчатковую ліквідацыю акружаных нямецка-фашысцкіх часцей. Першымі загаварылі рэактыўныя ўстаноўкі, снарады якіх сталі класціся на штаб 53-га армейскага корпуса ў раёне вёскі Башкі. Толькі цяпер гітлераўскія генералы зразумелі бязвыхаднасць свайго становішча.

Часці 5-га гвардзейскага корпуса 39-й арміі павялі наступленне супраць акружаных войск праціўніка. У 11 гадзін 45 мінут камандаванне 39-й арміі аб’явіла ультыматум камандаванню 53-га нямецкага корпуса да капітуляцыі. Праз 15 мінут праціўнік выкінуў белы флаг капітуляцыі. 27 чэрвеня 1944 года ў 14 гадзін дывізіі двух карпусоў сустрэліся, цалкам разграміўшы варожыя часці.

У ліквідацыі акружаных часцей і рэшткаў дывізій ворага прымалі ўдзел воіны 63-й і 184-й стралковых дывізій 45-га корпуса 5-й арміі, якія знішчылі да паўтары тысячы гітлераўцаў, дзве тысячы ўзялі ў палон. Але самы вялікі ўклад у разгром праціўніка ўнеслі дывізіі 39-й арміі. Толькі за 27 чэрвеня дывізіі 5-га гвардзейскага корпуса знішчылі да дзесяці тысяч гітлераўцаў, да пяці тысяч салдат і афіцэраў узялі ў палон.

Вялікую дапамогу савецкім войскам аказалі партызанскія брыгады і атрады. Яны вызвалялі вёскі ад ворага, грамілі яго абозы і атрады. На працягу чатырох дзён баявых дзеянняў дывізіі 39-й арміі разам з дывізіямі 43-й арміі цалкам разграмілі віцебскую групоўку праціўніка. Гэта была вялікая перамога войск Першага Прыбалтыйскага і Трэцяга Беларускага франтоў, якімі камандавалі выдатныя генералы І.Х.Баграмян і І.Д.Чарняхоўскі.

За прарыў варожай абароны пад Віцебскам і вызваленне горада 52-м злучэнням і часцям усіх радоў войск было прысвоена ганаровае званне “Віцебскіх”, у тым ліку 164-й і 251-й стралковым дывізіям, 63-й Чырванасцяжнай дывізіі і іншым. 2 ліпеня 1944 года за прарыў абароны праціўніка пад Віцебскам многія дывізіі, палкі і батальёны ўзнагароджаны ордэнамі.

238 сынам і дочкам нашай шматнацыянальнай Радзімы (многім пасмяротна) за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры вызваленні Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку за баі на бешанковіцкай зямлі – амаль 150 воінам Чырвонай Арміі.

Каля Кургана Славы збіраюцца на Дзень Перамогі жыхары нашага раёна, каб успомніць цёплым словам вызваліцеляў, ускласці кветкі. Насупраць – партрэтная галерэя Герояў. Міжволі прытойваюць дыханне хлопчыкі і дзяўчынкі ў піянерскіх гальштуках перад партрэтамі тых, хто аддаў жыццё за іх бесклапотнае дзяцінства, за мірнае неба. Вечнай будзе ўдзячнасць наша за подзвіг, здзейснены Героямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.