4 ліпеня Стаўка галоўнага камандавання аддала загад Заходняму фронту стойка абараняць рубеж Заходняй Дзвіны – Дняпра з мэтай не дапусціць прарыву ворага на поўнач і ўсход. 6 ліпеня 1941 года войскі 20-ай  арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта  П.А. Курачкіна нанеслі сіламі 5-га і 7-га механізаваных карпусоў контрудар у агульным напрамку Сянно – Лепель (Лепельскі контрудар). Танкавыя карпусы выйшлі з раёна Багушэўска на Сянно, вызвалілі яго, прасунуліся на 30 – 40 км. Пачаўся адзін з буйнейшых у пачатковы перыяд вайны танкавы бой. У якім з абодвух бакоў было задзейнічана больш за 1500 машын. Наступленне савецкіх войскаў закончылася няўдала. Большая частка тэхнікі была знішчана. Але і вораг панёс адчувальныя страты. Вось словы камандзіра 18-ай танкавай дывізіі генерала Нерынга: “… страты амуніцыі, зброі і машын незвычайна вялікія і значна перавышаюць захопленыя трафеі. Такое становішча нецярпіма, інакш мы наперамагаемся  да сваёй асабістай пагібелі”.

У ноч з 4-га на 5-га ліпеня 1941 года камандаванне 14-й танкавай дывізіі атрымала баявы загад са штаба 7-га танкавага корпуса. З яго вынікала, што дывізія павінна выйсці ў раён Варон, Фальковіч, Каралёва і рухаючыся ў накірунку Віцебск, Чарнагосціца, Бешанковічы, Камень, знішчыць праціўніка ў раёне ракі Чарнагосціца, выйсці на рубеж Бешанковічы – Буднікі і развіваць поспех на Камень. Але дывізія загад выканаць не здолела. Сустрэўшы арганізаваны артылерыйскі агонь і безперапынныя налёты авіяцыі яна не здолела прарваць рубеж нямецкай абароны па рацэ Чарнагасцянка. За трое сутак баёў дывізія страціла больш за 50 працэнтаў  танкаў і больш за 200 чалавек асабовага складу і вымушана была адступіць у раён Оршы. Дарэчы, у 14-ай танкавай дывізіі служыў камандзірам батарэі сын  Сталіна Якаў Джугашвілі, які прымаў удзел у Чарнагасцянскім баі. 9 ліпеня 1941 года, нягледзячы на гераічнее супраціўленне савецкіх салдат тэрыторыя раёна была поўнасцю захоплена ворагам. Пачаліся чорныя дні акупацыі. З успамінаў Зінаіды Цімафееўны Сухошынай.

   – У першы дзень вайны я была ў маці, рыхтавалася да апошняга дзяржаўнага экзамена ў Віцебскім педвучылішчы. Ад нашай вёскі Баравыя да Віцебска было за трыццаць кіламетраў. Пачуўшы страшную вестку, за паўдня дабегла да горада і 24 чэрвеня датэрмінова здала экзамен па гісторыі. Як не хацелася. А дамоў давялося вяртацца – медсястрой у шпіталь, які ўжо разгортваўся ў нашым педвучылішчы, мяне не ўзялі – да сямнаццаці гадоў не хапала паўгода. Абліваючыся слязамі, сабрала ў інтэрнаце любімыя кнігі, патрэбныя канспекты, няхітрае адзенне. Віцебск ужо бамбілі, калі 28 чэрвеня я выходзіла з горада. Вайна падыходзіла да родных сцен… 4 ліпеня ўздрыганулася зямля ад бомб і снарадаў. У вёсцы Ліхошына, цэнтры нашага калгаса, бомба трапіла ў хату Сцяпана Путава, які быў на фронце. Забіла яго малодшага сына, суседскага хлопчыка і яго маці. Так з’явілася першая брацкая магіла ў нашым калгасе. На рацэ Чарнагасцянка некалькі дзён ішлі жорсткія  баі, Праз вёску рухаліся выпешчаныя гітлераўцы з падкасанымі рукавамі. Яны рагаталі над намі, счарнелымі ад гора.