Нямецкія войскі на вуліцах Бешанковіч. Ліпень 1941 г.

  З 4-га па 9-га ліпеня абарону на подступах да Бешанковіч і непасрэдна ў самім райцэнтры, а пасля на правым беразе Заходняй Дзвіны займалі 290-ы і 298-ы стралковыя палкі 186-й дывізіі пад камандаваннем М.І. Бірукова.                       Успамінае Пётр Іванавіч Галаваценка, ветэран 186-й стралковай дывізіі: “4 ліпеня 1941 года мы выгрузіліся на станцыі Сіроціна і адтуль прыйшлі (машын не было) пад Бешанковічы, дзе да 9 – 10 ліпеня стрымлівалі націск фашыстаў. Гітлераўцы імкнуліся пераправіцца на правы бераг ракі і навесці пераправу, іх спынялі нашы снарады. Дзейнічалі мы так: давалі магчымасць пачаць навядзенне пераправы і, калі збіраліся машыны і танкі, адкрывалі агонь з гармат. Калі была наведзена пантонная пераправа, то артагнём  мост быў разбіты, і некалькі варожых машын апынуліся на дне Заходняй Дзвіны. Асабліва цяжкі бой быў 9 ліпеня. Ствалы гармат так нагрэліся, што з іх пачала асыпацца фарба. Наша гармата (я тады замяшчаў выбыўшага камандзіра) знішчыла 4 агнявыя кропкі ворага і разбіла танкавую “свінню” (такі парадак размяшчэння танкаў, калі яны ідуць з трох бакоў). Колькі фашысцкіх танкаў мы тады падбілі, падлік не вялі, але пасля гэтага бою камісар палка ў гутарках з байцамі гаварыў, што ворага трэба біць так, як мы”.