Першы бой на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна супраць захопнікаў адбыўся 4 ліпеня 1941 года каля вёскі Бачэйкава. У ім удзельнічалі афіцэры і курсанты Лепельскага артылерыйска-мінамётнага вучылішча. Трапным артылерыйскім агнём было знішчана 17 варожых аўтамашын і некалькі танкаў. У тым баі асабліва вызначыўся камандзір вучылішча маёр Сярэбраннікаў, лейтэнант Гамлічэнка, лейтэнант Старыкаў, батарэя лейтэнанта Масленнікава, курсанты Рубянцаў, Дзмітрыяў, Ямцоў і іншыя. Нашы страты склалі: 2 афіцэры, 18 курсантаў, 37 чалавек было паранена. Жыхар Бачэйкава Дзмітрый Барадаўка ўспамінае:

 –   Калі з гарматнага разліку застаўся толькі адзін камандзір, ён загадаў мне паднасіць снарады, а сам страляў да той пары, пакуль не скончыліся боепрыпасы. Наша конніца адступала па шашы Чашнікі-Бачэйкава. Паколькі Бачэйкава было ўжо занята немцамі, у раёне вёскі Промыслы коннікі пераправіліся  цераз раку Ула ўброд. Немцы адкрылі па іх агонь з гармат. Нямецкія танкі падышлі да маста цераз Улу і спыніліся – мост быў часткова разбураны. У гэты момант з-за кустоў бэзу чырвонаармеец кінуў бутэльку з запальваючай сумессю ў адкрыты люк нямецкага танка. Ён загарэўся, у агні згарэлі і тры варожыя танкісты.

А вось як апісвае гэты бой у сваім дзённіку нямецкі афіцэр Гельмут Дзітрых (забіты пад Масквой у снежні 1941 года): “3 ліпеня 1941 года страты павялічваюцца. 4 ліпеня ля мястэчка Бачэйкава быў мацнейшы за апошні час бой. Рускія адкрылі па нашых калонах ураганны агонь. Грахочуць артылерыйскія гарматы. Страшэнна добра страляюць рускія! Іх снарады кладуцца прама на дарогу. А мы не можам нікуды звярнуць, паколькі як справа, так і злева – адно балота…”