Савецкі лётчык на Бешанковіцкім аэрадроме
(перадваенны здымак).

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна

    Так здарылася, што ў ноч на 22 чэрвеня 1941 года савецкі чалавек клаўся спаць працаўніком, а прачнуўся салдатам. Вайна ў адно імгненне змяніла ўклад жыцця людзей. У колішнія шчаслівыя будні ўварваліся злавесныя гукі вайны – рокат авіяматораў, разрывы бомбаў, снарадаў, гарматная кананада, сумныя радыёзводкі аб страчаных гарадах і вёсках. Вось як выказала пачуццё беларускага народа таго часу рэвалюцыянерка і патрыётка В.З. Харужая. “Цяжкая і моцная, як звярыная лапа, скруха падае на душу – нашы палі і сенакосы, уся наша Беларусь у руках лютага, злога ворага. На пераўтвораных у руіны плошчах стаяць вісельні. Па нашых разбураных вуліцах ходзяць ненавісныя людзі з аўтаматамі, і кожны крок боллю адклікаецца ў маім сэрцы. Гэта маю душу яны топчуць падкаванымі ботамі, псуюць гусеніцамі танкаў, ірвуць снарадамі, бомбамі, мінамі маю родную Беларусь”.

 Ужо 22 чэрвеня  жыхары Бешанковічаў зведалі першую бамбёжку. Нямецкія самалёты разбамбілі мясцовы аэрадром. Па сведках мясцовых жыхароў, пасля налёту,  уцалеў толькі адзін самалёт.